ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,
прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.
Літ.:
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)